Паштовыя маркі краін, праз якія пралягла Дуга Струвэ

У сакавіку бягучага года па выніках конкурсу-апытання на лепшую паштовую марку 2017 года, які праводзіў выдавецкі цэнтр “Марка” РУП “Пошта”, ганаровае першае месца заняў блок “Геадэзічная дуга Струвэ”. Вестка пра перамогу філатэлічнай прадукцыі ў чарговы раз прыцягнула ўвагу да ўнікальнага аб’екта навукова-тэхнічнай думкі і папулярызацыі адзінага ў свеце геадэзічнага помніка сусветнай спадчыны. 

Нагадаю, што афіцыйнае гашэнне гэтага дзяржаўнага знака паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь адбылося ў зале Ашмянскага райвыканкама ў верасні 2017 года, а канверт першага дня з паштовым блокам яшчэ сёння можна набыць у ашмянскім раённым вузле паштовай сувязі. Па задумцы дызайнера Яўгеніі Бядонік, мастацкай асновай сувенірнага ліста сталі партрэты вядомых геадэзістаў Васіля Струвэ, Карла Тэннера і Іосіфа Ходзькі. На самой марцы адлюстраваны малюнак контура тэрыторыі Беларусі з размешчанымі на ёй геадэзічнымі пунктамі, пяць з якіх уключаны ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны. Прысутнічае тут таксама відарыс стандартнага помніка на адным з гэтых пунктаў.

Дадзены паштовы праект з’ўляецца працягам філатэлічнай серыі, якая прысвечана Дузе Струвэ ў нашай краіне. У 2007 годзе быў выдадзены першы паштовы блок, а ў 2014 годзе, з нагоды 60-годдзя ўступлення Беларусі ў ЮНЕСКА, з’явілася марка, дзе сярод іншых беларускіх аб’ектаў сусветнай спадчыны адлюстраваны помнік на геадэзічным пункце Чэкуцк.

Звязаная з нашым краем навіна падштурхнула правесці асабісты пошук аналагічных паштовых марак, якія з’явіліся ў краінах, па якіх пралягла Дуга Струвэ. Вось што атрымалася. Найперш звярну ўвагу на паштовыя знакі Малдовы. Прыемнай нечаканасцю стала знаходка ў гэтай краіне маркі ў 1.75 лей, якая непасрэдна звязана з Ашмяншчынай. На ёй паказаны помнік на геадэзічным пункце Тупішкі, але на жаль невядома, у якім годзе марка была надрукавана. Пошта Малдовы прысвяціла сваім мясцовым аб’ектам Дугі Струвэ марку ў 2008 годзе і паштовы блок у 2016 годзе. Зацікавіць калекцыянераў спецыяльны штэмпель, які быў выкарыстаны 20 лістапада 2017 года з нагоды 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. На ім пазначаны тыповыя помнікі на Дузе Струвэ, што ўзведзены ў Малдове і Беларусі.

Паштовыя ведамствы Швецыі, Фінляндыі і Эстоніі адначасова 6 мая 2011 года зрабілі падарунак усім філатэлістам, выпусціўшы нацыянальныя паштовыя блокі з двух марак. Кожная з гэтых мініяцюр заслугоўвае ўвагі і валодае цікавымі адметнасцямі. Так, шведскія маркі маюць трохвугольную форму, чым падкрэсліваюць сэнс трыангуляцыі – пакрыццё трохвугольнікамі мясцовасці і вымярэнне з іх дапамогай адлегласцей. Але больш за ўсё ўражваюць маркі Фінляндыі. Адна з іх мае форму круглай пячаткі, а другая, якая знаходзіцца ўнутры гэтай пячаткі, выканана ў выглядзе абрысаў скандынаўскай краіны.

У маі 2011 года адбылося гашэнне марак Арганізаці Аб’яднаных Нацый з серыі “Сусветная спадчына – паўночныя краіны”. На адным з паштовых знакаў паказаны самы паўночны трыангуляцыйны пункт Фугленэс, што недалёка ад г.Хаммерфеста ў Нарвегіі. Выява фугленескага манумента таксама трапіла на дзве іншыя нарвежскія маркі. Паштовыя блокі з двух марак падрыхтавалі для калекцыянераў пошты Літвы — у 2009 годзе і Латвіі — у 2011 годзе.

Варта адзначыць, што папулярызацыі разглядаемага помніка сусветнага значэння садзейнічаюць і нумізматычныя калекцыі. Напрыканцы 2006 года Нацбанк Рэспублікі Беларусь пяцітысячным тыражом увёў у абарачэнне сярэбраную манету  наміналам 20 рублёў і медна-нікелевую манету наміналам 1 рубель, прысвечаныя важнаму міжнароднаму аб’екту. Як і сам помнік, яны вылучаюцца выключнасцю і незвычайнасцю. Яны адмысловага квадратнага дызайна. Наступная срэбная манета наміналам у 50 лей, звязаная з Дугой Струвэ, з’явілася ў 2009 годзе ў Малдове. У 2015 годзе срэбную манету ў 20 еўра выпусціў манетны двор Літвы, а ў наступным годзе Украіна займела манету са сплаву нейзільбер наміналам 5 грыўняў.

 Монета Молдовы Монета Литвы Монета Украины Монеты Беларуси

Без сумнення, у бліжэйшы час пералік філатэлічных і нумізматычных навінак будзе абавязкова пашырацца. І мы станем сведкамі новых цікавых праектаў па ўшанаванні геадэзічнага аб’екта, які раней злучыў трыангуляцыйнай сеткай тэрыторыі і краіны, а сёння аб’ядноўвае людзей сваім турыстычным патэнцыялам.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

 

Copyright 2011 Паштовыя маркі краін, праз якія пралягла Дуга Струвэ. Powered by Joomla templates. All Rights Reserved.